Тэма 6.2. Гукі мовы. Аспекты вывучэння гукаў
Пытанні для самакантролю
- Дайце характарыстыку артыкуляцыі галосных гукаў у беларускай мове. Карыстаючыся табліцай 1, адзначце, на якія групы падзяляюцца галосныя паводле месца і спосабу ўтварэння. Ахарактарызуйце гэтыя групы.
Табліца 1 – Артыкуляцыйная класіфікацыя галосных
|
Пад’ём |
Рад |
||
|
Нелабіялізаваныя |
лабіялізаваныя |
||
|
Пярэдні |
сярэдні |
задні |
|
|
Верхні |
І |
Ы |
у |
|
Сярэдні |
Э |
|
о |
|
Ніжні |
|
А |
|
- Звярнуўшыся да табліцы 2, ахарактарызуйце артыкуляцыйныя якасці зычных гукаў: адзначце, на якія групы падзяляюцца зычныя паводле месца і спосабу ўтварэння. Ахарактарызуйце асаблівасці артыкуляцыі афрыкат у беларускай мове. Пакажыце, якія гукі рускай мовы ім адпавядаюць;
- Назавіце, якія групы зычных выдзяляюцца ў залежнасці ад удзелу голасу і шуму ў іх утварэнні. Растлумачце, чаму беларускія зычныя [в], [в’], [j], [ў] – санорныя;
- Акрэсліце асаблівасці вымаўлення палаталізаваных, непалаталізаваных і палатальных зычных у беларускай мове. Раскажыце пра гісторыю фарміравання зацвярдзелых зычных.
Табліца 2 – Артыкуляцыйная класіфікацыя зычных
|
Месца ўтварэння |
губна-губныя |
губна-зубныя |
пярэдне-язычныя |
сярэдне-язычныя |
задне-язычныя |
|||||
|
Спосаб утварэння |
Удзел голасу і шуму |
цв. |
м. |
цв. |
м. |
цв. |
м. |
м. |
цв. |
м. |
|
Змычныя |
Звонкія Глухія |
[б] [п] |
[б’] [п’] |
|
|
[д] [т] |
|
|
[г] [к] |
[г’] [к’] |
|
Змычна- праходныя |
Санорныя |
[м]
|
[м’] |
|
|
[л] [н] |
[л’] [н’] |
|
|
|
|
Шчылінныя (фрыкатыў-ныя) |
Звонкія Глухія Санорныя |
[ў] |
|
[ф] [в] |
[ф’] [в’] |
[ж][з] [ш][с]
|
[з’] [с’] |
[j] |
[γ] [х] |
[γ’] [х’] |
|
Змычна- шчылінныя (афрыкаты) |
Звонкія
Глухія
|
|
|
|
|
[z] [ž] [ц] [ч] |
[z’]
[ц’] |
|
|
|
|
Дрыжачы (вібрант) |
Санорны |
|
|
|
|
[р] |
|
|
|
|
- Акрэсліце значэнне тэрміна “артыкуляцыйная база мовы”. Абгрунтуйце наступнае сцверджанне А. І. Падлужнага і В. М. Чэкмана: “Па сваіх агульных характарыстыках і набору гукаў беларуская артыкуляцыйная база адрозніваецца ад артыкуляцыйных баз суседніх славянскіх моў і ўяўляе сабой цалкам арыгінальнае ўтварэнне”.
- Акрэсліце прадмет фаналогіі як раздзела мовазнаўства.
- Супастаўце фанетычную і фаналагічную сістэму сучаснай беларускай мовы.
- Акрэсліце паняцце фанемы. Ахарактарызуйце дыферэнцыяльныя і інтэгральныя прыкметы фанем.
- Ахарактарызуйце паняцці ‘варыянты’ і ‘варыяцыі фанемы’.
- Ахарактарызуйце сігніфікатыўна і перцэптыўна моцныя і слабыя пазіцыі фанем.
- Параўнайце фаналагічныя сістэмы рускай і беларускай моў, акрэсліце адрозненні паміж імі.
Практыкаванні
Практыкаванне 1. Адзначце, якія органы маўлення згаданы ў наступных фразеалагізмах. Растлумачце значэнне ўстойлівых выразаў. З дапамогай “Этымалагічнага слоўніка фразеалагізмаў” І. Я. Лепешава (Мінск, 2004) ахарактарызуйце паходжанне трох фраземаў. Складзіце з імі сказы.
Язык аб зубы біць, трымаць язык за зубамі, мазоліць язык, лёгкі на язык, доўгі язык, не спускаць з языка, язык добра падвешаны, гаварыць з пенай на губах.
Практыкаванне 2. Выпішыце з “Фразеалагічнага слоўніка беларускай мовы” І. Я. Лепешава (Мінск, 1993) дзесяць устойлівых выразаў, кампанентамі якіх з’яўляюцца назвы органаў маўлення. Растлумачце значэнне фразеалагізмаў. Складзіце з імі сказы.
Практыкаванне 3. З дапамогай слоўнікаў “Proverbia et dicta: Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў” Н. А. Ганчаровай, І. М. Шчарбаковай, Л. Г. Калядка (Мінск, 1993) і “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” З. Санько (Мінск, 1991) падбярыце беларускія адпаведнікі да прапанаваных у практыкаванні рускіх прыказак. Растлумачце сэнс прыведзеных выслоўяў.
- В рот, закрытый глухо, не залетит муха. 2. Держи уши пошире, а рот поуже. 3. Язык – враг: прежде ума глаголет. 4. Ешь пирог с грибами, а держи язык за зубами. 5. Что на уме, то и на языке. 6. На языке мёд, а в сердце лёд. 7. Устами младенца глаголет истина.
Практыкаванне 4. Выпішыце са “Слоўніка беларускіх прыказак” І. Я. Лепешава і М. А. Якалцэвіч (Мінск, 1996) дзесяць выслоўяў, у якіх прыгадваюцца органы маўлення. Растлумачце сэнс выпісаных вамі выразаў.
Практыкаванне 5. У граматыцы В. А. Багародзіцкага, якая выйшла ў пачатку ХХ стагоддзя, усе гукі падзелены, зыходзячы з таго, як яны вымаўляюцца, на “ротазмыкальнікі” і “ротаразмыкальнікі”. Якія групы гукаў маюцца на ўвазе? Колькі разоў “ротазмыкальнікі” і “ротаразмыкальнікі” сустракаюцца ў наступных словах: Багач, Саракі, Грамніцы, Раство?
Практыкаванне 6. Выразна прачытайце, захоўваючы нормы літаратурнага вымаўлення, верш П. Броўкі. Назавіце літары, якія абазначаюць гукі, утвораныя: а) пры расслабленых галасавых звязках; б) пры напружаных галасавых звязках; в) пры звязках, расслабленых часткова. Да выдзеленых у тэксце слоў падбярыце аднакаранёвыя.
|
Яны даспадобы мне, хай і старыя, Не толькі ў гучанні хвалюючы змест. Як многа гавораць мне назвы такія – Мінск, Пінск, Брэст. Калі паразважыш, няцяжка дазнацца, Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр, Што продкі любілі спакойную працу – Шклоў, Клецк, Мір. А вораг находзіў, – бязлітасна білі, Трываць не хацелі абразы і слёз, І разам з Бярозаю катаў тапілі – Пціч, Друць, Сож. Дзяды і бацькі нашу мову стваралі, Каб звонка звінела, была, як агонь, І сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, – Блонь, Струнь, Звонь. |
Практыкаванне 7. Прачытайце тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы. Укажыце літары, якія абазначаюць галосныя гукі пярэдняга, сярэдняга і задняга рада. Апішыце асаблівасці вымаўлення гэтых гукаў. Да выдзеленых у тэксце слоў падбярыце адпаведнікі ў рускай мове.
Брэст упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе і ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1019 годам як Берасце. Назва паходзіць ад слова бераст (парода дрэў, нагадвае вяз). У мясцовых гаворках Брэст і цяпер называюць Бэрэсть (Бэрэсць).
Існуе і іншае тлумачэнне, якое зараз аспрэчваецца: быццам назва Берасце ўтворана ад слова бяроста (бярозавая кара). Бытуе легенда, якую ў ХІХ стагоддзі запісаў беларускі этнограф П. Шпілеўскі: “Калісьці вельмі даўно, адзін багаты купец вёз на калёсах тавар у Літву і загруз у багністым балоце. Ён зрабіў плаціну з бярозавых дрэў, загаціў балота, пакрыў гаць бяростаю і такім чынам праклаў бітую шляхавую дарогу. З удзячнасці за ўдалы пераход балота купец пабудаваў капішча і прынёс ахвяру свайму паганскаму богу Вялесу, а тое месца ў знак зробленай з бярозы плаціны назваў Берасценем, Берасцем, з чаго потым з’явіўся Брэст”.
У ХVІІ – пачатку ХХ стагоддзя Брэст называўся Брэст-Літоўск (у адрозненне ад Брэста Куяўскага ў Польшчы), у 1921–1939 гг. – Брэст-над-Бугам, з 1939 года – Брэст.
Вядомы гісторык і археолаг А. Ф. Лысенка піша, што яшчэ напярэдадні Першай сусветнай вайны ў Сенаце Расійскай імперыі разглядалася хадайніцтва пра вяртанне гораду ўсходнеславянскай назвы – Берасць. Ці не пара аднавіць старажытную назву цяпер?
(В. Емельяновіч)
Як узнікла Бярэсце
…Нібыта вёз купец на калёсах свой тавар у Літву ды завяз у багністых балотах. Не выбрацца. Пачаў выдзіраць бяросту і засцілаць ёю гаць. А калі назад з Літвы вярнуўся, пабудаваў на гэтым месцы каплічку. Да каплічкі, як да святога месца “на бярэсце”, пачалі з’язджацца людзі. Месца гэта было лёгка ўмацаваць ад ворагаў. Кругом прыродныя абарончыя равы (рукавы Мухаўца). І пачалі асядаць тут людзі, пачалі будаваць горад “на бярэсце”.
(Легенды і паданні)
Брэст (горад, цэнтр вобласці і раёна) на рацэ Буг. У летапісах паселішча ўпамінаецца з 1019 года пад назвамі Берестие, Берестье, Бересть. У канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў вядома як Берестие, Бересте Литовское, Брэст Літоўскі, Брэст-Літоўск, з 1921 па 1939 г. – як Брэст-над-Бугам. Паколькі Берасце першым з беларускіх гарадоў атрымаў магдэбургскае права, то прывілеем 1441 года ён быў прылічаны да катэгорыі галоўных гарадоў ВКЛ. Тут Радзівіл Чорны пабудаваў першую ў межах сучаснай Беларусі друкарню, у якой выдадзена Брэсцкая Біблія (1563).
Назва выводзіцца са старажытнарускага берестъ, якое ўзыходзіць да праславянскага *berstъ ‘ільма’ (парода дрэў). Слова бераст шырока фіксуецца і каментуецца ў дыялектных слоўніках беларускай мовы.
С. Роспанд дапускае, што першаснай была назва, утвораная ад антрапоніма Берестъ. Старажытнае дахрысціянскае імя Берест адзначана ў “Славянскім іменаслове…” Марошкіна, у “Словаре древнерусских личных имён” Тупікава.
Ва Устаўной грамаце смаленскага князя Расціслава Мсціслававіча сярод 11 старажытных гарадоў названы і горад Берестов, асновай для назвы якога паслужыла ўласанае асабовае імя Берест. Ад гэтага ж імя ўтворана і назва хутара Берасты, так што версія С. Роспанда таксама мае права на існаванне.
(Паводле В. П. Лемцюговай)
Практыкаванне 8. У прыведзеным вышэй тэксце ўкажыце літары, якія абазначаюць галосныя верхняга, сярэдняга і ніжняга пад’ёму. Апішыце артыкуляцыю гэтых гукаў.
Практыкаванне 9. У тэксце, прыведзеным вышэй, укажыце літары, якія абазначаюць лабіялізаваныя і нелабіялізаваныя галосныя. Апішыце іх артыкуляцыю.
Практыкаванне 10. Назавіце невядомыя члены прыведзеных фанетычных прапорцый. Укажыце прымету гука, якая дапамагла ў яго вызначэнні.
[э] : [і] = [о] : [?], [о] : [э] = [у] : [?].
Практыкаванне 11. Затранскрыбіруйце прыведзеныя ў практыкаванні пары слоў. Укажыце асаблівасці вымаўлення выдзеленых галосных у рускіх і беларускіх словах.
Жеребёнок – жарабя, медведь – мядзведзь, смеёшься – смяешся, человек – чалавек, семеро – сямёра, медовый – мядовы, ледок – лядок, шестеро – шасцёра, медвежонок – медзведзяня, женщина – жанчына.
Практыкаванне 12. Да прыведзеных тэрмінаў падбярыце абсалютныя сінонімы. Прывядзіце прыклады гукаў, якія адносяцца да названых груп.
|
губна-зубныя |
|
|
|
Афрыкаты |
|
|
|
Дрыжачыя |
|
|
|
Выбухныя |
|
|
|
Шчылінныя |
|
|
|
Бакавыя |
|
|
|
губна-губныя |
|
|
|
Альвеалярныя |
|
|
Практыкаванне 13. Прачытайце выразна, захоўваючы нормы беларускай арфаэпіі, верш Я. Янішчыц “Тут”. Знайдзіце ў тэксце і выпішыце літары, якія абазначаюць зычныя гукі, аднолькавыя паводле спосабу ўтварэння. Апішыце артыкуляцыю гукаў кожнага разраду.
Тут
Ой, пры каліне чырванашчокай
Ды пры даліне зялёнай – сяло.
Знаю, ні ў якай старонцы далёкай:
Тут мне якраз нарадзіцца было!
Ўслухайся ў назвы: Яголін, Агова,
Гойнава, Гуслікі, Горбень, Звінчо –
Тут, дзе ласкава павераць на слова,
Але правераць затым на плячо.
Тут, дзе і бондар раскошны, як бочка,
Дзе вырастаюць на жылах лясы
I – дзе сялянка над прахам сыночка
Ў горкім бяссіллі ірве валасы.
Тут, дзе хапае да хлеба і солі
I на сталах не канчаецца мёд.
Тут, дзе не скончыцца песня ніколі
I не ўпадзе на калені народ!
Практыкаванне 14. Прачытайце прыведзены тэкст. Знайдзіце ў тэксце і выпішыце літары, якія абазначаюць зычныя гукі, аднолькавыя паводле месца ўтварэння. Ахарактарызуйце артыкуляцыю гукаў кожнага разраду. Да выдзеленых у тэксце слоў падбярыце аднакаранёвыя.
Пра паходжанне назвы Пружаны створаны тры легенды. Паводле адной з іх паселішча названа ў гонар княжацкай дачкі Пружаны. Паводле другой, назва спачатку мела форму Прасяна, паколькі ў мінулым тут нібыта добра радзіла проса. Згодна з трэцяй легендай, Пружаны – вынік пераагучання назвы Прусаны (або Прусяны), таму што заснавалі паселішча прусакі, якія, уцякаючы ад крыжакоў, аселі ў лясістых ваколіцах вёскі Дабучына. Старабеларускія пісьмовыя крыніцы не засведчылі ні імя Пружана, ні назваў Прусяны, Прусаны, Прусяна. Але ёсць звесткі, што ў ХVІІ–ХVІІІ стст. назва мела форму сцягнутага прыметніка – Пружана. Значыць, можна меркаваць, што ў аснове назвы ляжыць нейкая прыкмета. Пружанай магла называцца рака, на якой зрабілі запруду, гаць або грэблю. Такую версію ў пэўнай ступені падтрымлівае наяўнасць на тэрыторыі Беларусі рачной назвы Пружаніца (басейн Нёмана), у якой празрыста выступае прыметнікавая аснова (параўн.: Прудная, Прудніца ў басейнах Нёмана, Дняпра, Бярэзіны). Уяўляецца, што назва Пружана першапачаткова ўзнікла як назва ракі, а потым была перанесена на паселішча і перааформлена па множналікавай мадэлі.
(В. Лемцюгова)
Практыкаванне 15. Падбярыце да прыведзеных слоў адпаведнікі з рускай мовы. Паназірайце, з якіх гукаў у беларускай мове развіўся гук [ў].
Воўк, жаўна, была ў Роўне, адпраўце, слоўка, замаўляць, дзіўны, стоўп, леў, доўга, кроў, здароўе, паўнакроўны, праўда, прывяла ў хату, бацькаў пінжак, Зеўсаў гнеў, дамоклаў меч.
Практыкаванне 16. Падрыхтуйце лінгвістычнае паведамленне на тэму “Паходжанне гука [ў] у беларускай мове”. Рыхтуючыся да выступлення, звярніцеся да працы Ф. М. Янкоўскага “Гістарычная граматыка беларускай мовы” (Мінск, 1989, с. 101–104).
Практыкаванне 17. Прачытайце прыведзены тэкст. Назавіце суадносныя пары глухіх / звонкіх зычных, ужытых у гэтым тэксце.
Старадаўняе паселішча яцвягаў, згадваецца ў летапісе пад 1142 г. У старабеларускіх пісьмовых помніках ХVІ ст. (пачынаючы з 1523 года) адзначаецца ў форме Дорогичин. Назва ўзыходзіць да старажытнага славянскага імя Дорож, якое ў старарускіх пісьмовых крыніцах засведчана ў 1238 г. і ў сваю чаргу з’яўляецца скарочанай формай двухсастаўных імёнаў Дорогомир, Дорогомилъ, Дорогобудъ, што функцыянавалі ў той гістарычны перыяд. Першае з іх упамінаецца ў ХІІ ст., другое – у ХІV ст. У тапанімію, магчыма, трапіла праз стадыю наймення сына па бацьку Дорожич. Пад уплывам вуснага вымаўлення назва была пераагучана з Даражычын у Дарагічын, а пад уплывам польскай мовы – у Драгічын. Фармант -ын абазначае індывідуальную прыналежнасць.
(В. Лемцюгова)
Практыкаванне 18. Прачытайце ўрыўкі з навукова-папулярнай кнігі А. Бензерука “Свята для сэрца”. Выпішыце з прадстаўленых фрагментаў словы, у якіх ёсць санорныя гукі. Ахарактарызуйце кожны санорны паводле спосабу ўтварэння, месца ўтварэння, наяўнасці / адсутнасці палаталізацыі. Да выдзеленых слоў падбярыце аднакаранёвыя.
Разгадаць назву горада Бяроза-Картузская няцяжка. Імя паселішчу дало дрэва. Складаней зразумець, чаму Бяроза-Картузская? Некалі тут пасяліся манахі, якіх звалі картузамі. Жылі яны ў асобных доміках – келлях, маліліся, трымалі агароды, перапісвалі кнігі і ноты.
Доўга обры (ваяўнічае племя, якое прыйшло з усходу) ваявалі са славянамі, але аднойчы згінулі, быццам ніколі іх не было. Засталіся ў памяці пра обраў толькі назвы вёсак: Абрына паблізу Целяханаў, Абровы на Іванаўшчыне, Аброўская вулька ў Івацэвіцкім раёне.
У многіх раёнах Брэсцкай вобласці ёсць вёскі з аднолькавай назвай – Агароднікі. Чаму так адбылося? Час іх заснавання аднолькавы – сярэдзіна ХVІ стагоддзя. Па загаду каралевы Боны і яе сына некаторыя сяляне атрымоўвалі надзелы-агароды. Іх вёскі сталі называць Агароднікамі.
Мы ўжо ведаем, што многія словы раней мелі іншае значэнне, чым цяпер. “Стол” некалі абазначала крэсла. Князі і каралі, калі атрымлівалі ўладу, сядалі на “стол” (ці “прастол”). Адсюль пайшло сённяшняе слова сталіца – галоўны горад у краіне. Столін таксама некалі быў “стольным горадам” – сталіцай.
Практыкаванне 19. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, прыведзены тэкст. Сачыце за палаталізацыяй і велярызацыяй пры артыкуляцыі зычных. Адзначце суадносныя па цвёрдасці / мяккасці зычныя. Якія гукі адносяцца да зацвярдзелых? Чаму? Да выдзеленых у тэксце слоў падбярыце адпаведнікі ў рускай мове.
Мінск – сталіца Рэспублікі Беларусь. Летапісны Менескъ, Менскъ, Меньскъ – адзін з найстаражытнейшых беларускіх гарадоў. Узнік на аснове старадаўняга драўлянага замка ў месцы зліцця рэк Нямігі і Свіслачы. Упершыню згадваецца ў “Аповесці мінулых гадоў” пад 1067 годам. У ёй апісваецца, як 3 сакавіка трое братоў Яраславічаў (Ізяслаў, Святаслаў і Усевалад) узялі Менськ і перабілі ўсіх мужчын, а жанчын і дзяцей захапілі ў палон і пайшлі да Нямігі. Ад гэтай даты і вядзецца адлік гадоў нашага сталічнага горада. На самай жа справе ён намнога старэйшы, бо ў пісьмовыя крыніцы паселішча трапляла не ў дзень свайго заснавання, а ў сувязі з якой-небудзь важнай гістарычнай падзеяй. Паводле падання, горад заснаваў асілак-вядзьмар Менеск (ці Мянеск). Спачатку ён пабудаваў на рацэ Свіслачы вадзяны млын на “сем колаў”, а потым пачаў сяліць вакол яго дружыннікаў. Так паступова вырас цэлы горад, які назвалі па імені яго заснавальніка. Шырока бытуе думка, што ў аснове назвы горада ляжыць слова мена, бо ў старажытнасці ён знаходзіўся на месцы ажыўленага тавараабмену.
Некаторыя даследчыкі звязваюць паходжанне назвы Менск з рачной назвай Мень ці Мена, з латышскім словам main ‘балота’. Але ж няма звестак пра існаванне асілка Менеска (Мянеска) і пра млын, які ён будаваў. А месцы гандлю ў перыяд, калі Менск набыў вядомасць, называліся не менамі, а таргамі і таржкамі. Апрача таго, Менск у час свайго зараджэння не быў месцам ажыўленага гандлю. Няма і прамых доказаў наконт сувязі назвы Менск з гідронімам Мень (Мена). Тым не менш, існуе шэраг фактаў, якія гавораць на карысць такога паходжання. Перш за ўсё – гэта наяўнасць назваў рэк з асновай -мен- на ўсходнеславянскай і заходнеславянскай тэрыторыях. За 16 км ад Мінска працякае ручай Менка, які ўпадае ў Пціч. У Чарнігаўскай вобласці ёсць пасёлак Мена, размешчаны на рацэ Мена (правы прыток Дзясны), а на Ушаччыне – возера Мена. Вельмі важным аргументам у падтрымку адгідранімічнай версіі выступае той бясспрэчны факт, што менавіта назва ракі Мень (прыток Віслы), якая захавалася да нашага часу, паслужыла асновай для назвы старажытнага польскага горада Мінск-Мазавецкі.
Як бачым, па меры назапашвання фактаў усё большую аргументаванасць набывае версія пра паходжанне назвы Менск ад гідроніма Мень (Мена). Рака пакуль што не знойдзена і не лакалізавана, але пра яе існаванне ў мінулым, па сутнасці, можа сведчыць наяўнасць аднайменных назваў на розных славянскіх тэрыторыях.
Адгідранімічная прырода назвы Мінск выразна выступае ў кантэксце групы назваў гарадоў Беларусі на -ск з гідранімічнай асновай, якія складаюць асаблівасць беларускіх назваў населеных пунктаў. У зоне фармавання беларусаў яны адзначаюцца з ІХ ст., але асаблівую папулярнасць набылі ў ХІ–ХІV стст. На яе прыпадае больш за палову гарадоў на -ск, што ўпамінаюцца ў летапісах ХІ ст. Назва кожнага трэцяга горада беларускай этнамоўнай тэрыторыі з ліку тых, што трапілі ў “Спіс рускіх гарадоў” канца ХІV ст., заканчваецца на -ск і суадносіцца з рачной назвай. Многія з тых старажытных тапонімаў дайшлі да нашага часу: Полацк – на Палаце, Друцк – на Друці, Пінск – на Піне, Слуцк – на Случы, Віцебск – на Віцьбе, Шацк – на Шаці. За межамі Беларусі іх зусім мала. Некалькі такіх назваў адзначана ў паўночна-ўсходняй Польшчы, што мяжуе з Беларуссю і Літвой. На рускай тэрыторыі назвы гарадоў на -ск (Орск, Омск, Томск) больш познія (пераважна ХVІІ–ХІХ стст.).
Менск ці Мінск? Яшчэ ў канцы ХV ст. (“Привилей месту Менскому на право Майдеборское» 1499 г.) назва ўжывалася толькі ў форме Меньск, Менск. У ХVІ ст. з’явілася дублетнае напісанне – Мінск. Польскі Мінск-Мазавецкі адзначаецца ў форме Мінск у ХVІ ст., прыкладна на стагоддзе раней, чым Менск-Літоўскі. Па меры ўзмацнення польскага ўплыву (канец ХVІ–ХVІІ стст.) усё часцей выкарыстоўваецца варыянт Мінск, а ў ХVІІІ ст., пасля таго, як беларуская мова была цалкам выцеснена з пісьмовага ўжытку, ён замацаваўся канчаткова. У 1919 годзе “Маніфест Часовага рабоча-сялянскага ўраду Беларусі” абвясціў пра вяртанне беларускай сталіцы яе спрадвечнай назвы – Менск. Праз 20 гадоў рашэннем Другой сесіі Вярхоўнага Савета БССР 25–29 ліпеня 1939 года назва Менск была заменена на Мінск.
(В. Лемцюгова)
Практыкаванне 20. Устаўце прапушчаныя літары ў беларускія словы. Якая спецыфічная з’ява беларускай мовы адлюстравана ў напісанні і вымаўленні гэтых слоў?
Тюльпан – …юльпан, две – …ве, теперь – …япер, действие – …еянне, отвердеть – а…вяр…е…ь, тяжесть – …яжар, этюд – э…юд, двести – …вес…е, четверг – ча…вер, тьма – …ьма, твёрдый – …вёрды.
Практыкаванне 21. Затранскрыбіруйце прыведзены тэкст. Падкрэсліце літары, якія абазначаюць зычныя, што не маюць пар: а) па звонкасці / глухасці; б) па цвёрдасці / мяккасці. Ахарактарызуйце гэтыя гукі.
Прыхільнікі адной з версій пра паходжанне назвы горада Мір даводзяць, што некалі тут быў заключаны мір паміж заваёўнікамі-крыжакамі і вялікалітоўскімі князямі. Аўтары другой версіі паспрабавалі разабрацца, а што ж азначала слова “мір” у тыя далёкія часы. Высветлілася, што ў даўніну так называўся агульны сход жыхароў, на якім усім мірам, усёй супольнасцю абмяркоўвалі і вырашалі найбольш важныя пытанні жыцця. Захаваліся нават прымаўкі на гэты конт: “Як мір скажа, тое і будзе”, “Як мір асудзіць, так і будзе”.
Да нашых дзён захаваліся прыкметы і сведчанні татарскага побыту на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Нямала іх і ў Міры, і яго ваколіцах. Калісьці адна з вуліц называлася Татарскай, у паселішчы дзейнічала мячэць. Пра колішнюю татарскую прысутнасць нагадваюць нязвыклыя для беларускага вуха назвы паселішчаў: Ішкалдзь, Турэц, Бербашы, Сімкава… І вось робіцца выснова: калі так шмат вакол Міра татарскіх прыкмет, то і назва яго таксама цюркскага паходжання. У даўняй энцыклапедыі Бракгаўза і Эфрона паведамляецца, што нашчадкаў Магамета татары называлі “эмір” або “амір”, гэта значыць “князь, валадар, начальнік”. ”Мір” – скарочанае ад “эмір”.
(А. Бутэвіч)
Практыкаванне 22. Укажыце, у якіх беларускіх словах вымаўляецца выбухны [г], а ў якіх – фрыкатыўны [γ]. З дапамогай ТСБМ растлумачце значэнне выдзеленых слоў.
Гарызонт, галантарэя, гірса, гільза, грамада, гісторыя, глытаць, ганак, гуз, гарсэт, гаспадар, рэзгіны, розгі, гульня, экзамен, Вялікдзень, гоман.
Практыкаванне 23. Вымавіце зычныя [з] і [з’], [с] і [с’], [ж] і [ш]. Шляхам саманазірання ўстанавіце папарную розніцу паміж гэтымі гукамі, апішыце яе. Акрэсліце таксама міжпарную розніцу ў артыкуляцыі гэтых гукаў.
Практыкаванне 24. Апішыце розніцу ў артыкуляцыі па пасіўных і актыўных органах наступных пар гукаў:
[с] – [с’], [ц] – [ц’], [д] – [z’], [γ] – [ γ’].
Практыкаванне 25. Назавіце невядомы член фанетычнай прапорцыі. Акрэсліце прымету гука, якая дапамагла ў яго вызначэнні.
1) [з] : [д] = [?] = [т];
2) [н] : [д] = [м] : [?];
3) [н] : [н’] = [д] : [?] = [?] : [ц’];
4) [д] : [т] = [γ] : [?] = [?] : [ц].
Практыкаванне 26. Акрэсліце класіфікацыйныя прыметы, якія адрозніваюць зычныя ў парах:
[γ] : [ х], [п] : [н], [м’] : [р], [j] : [ш], [т] : [б], [з] : [ж], [ц] : [д], [к] : [с].
Практыкаванне 27. Выразна вымавіце пары беларускіх і рускіх слоў. Звярніце ўвагу на вымаўленне губных зычных.
|
Беларуская мова |
Руская мова |
|
Стэп |
степь |
|
Сып |
сыпь |
|
Сем |
семь |
|
Восем |
восемь |
|
б’ю |
бью |
|
Сыпце |
сыпьте |
|
Эканомце |
экономьте |
|
Дроб |
дробь |
Практыкаванне 28. Народнай беларускай мове гук [ф] неўласцівы. Прааналізуйце прыведзеныя прыклады засваення гука [ф] з твораў перыяду станаўлення беларускай літаратурнай мовы: пляшка (Я. Купала), коптачка, картопля (Ц. Гартны), хурман (П. Галавач), хвабрыка, хварба, хвальбарковы, хванабэрна (П. Галавач). Якімі гукамі перадаецца гук [ф] у запазычаных словах? Чым былі абумоўлены розныя спосабы яго перадачы на пісьме?
Практыкаванне 29. Перакладзіце беларускія словы на рускую мову. Адзначце, якія гукі адпавядаюць беларускай афрыкаце [ž] у рускіх словах.
Сяджу, адраджэнне, ураджай, абуджэнне, перараджэнне, асуджэнне, згладжваць, гляджу, ваджу.
Практыкаванне 30. Перакладзіце прыведзены тэкст на беларускую мову. Выразна прачытайце беларускі і рускі тэксты. Сачыце за вымаўленнем гукаў [с’], [з’]. Да якіх груп паводле месца ўтварэння адносяцца гэтыя гукі ў рускай і беларускай мовах?
Беловежская пуща – заповедный лес в Брестской и Гродненской областях. В русских летописях упоминается Белая Вежа, расположенная в северном Приазовье. Эти записи говорят о том, что слово вежа было уже тогда широко известно. Встречаем его и позднее, в 1258 г.: «Веже же среде города высока, яко же бити с нея окрест града, създана каменьемъ в высоту 15 локотъ, созда же сама древом тесанымъ и убелена, яко сыр». Таким образом, вежа – башня сторожевого и оборонного значения. В связи с этим возник вопрос о связи названия Беловежская пуща с какой-то вежей (башней). Достоверно известно сооружение такой вежи в г. Каменце на территории пущи. Её строительство зафиксировано в исторических документах 1276 г., где есть такая запись: «И посла Владимир мужа хитра, именем Алексу, иже бяше при отце его мисты городы рубя с тоземъцы в челнах взверх реки Лосны, абы кде изнайте такого места город поставити; се же изнашод место таково… и отереби е и потом сруби в нем город… созда же в нем столп камен высотою 17 сажен подобеи удивлению всем зрящим на нъ». Название Беловежская пуща появляется только после строительства башни на территории пущи, белой, как обычно делалось в те времена. Очевидно, что в однообразной лесистой местности семнадцатисаженная башня, стоящая на возвышении, действительно была характерным признаком местности. Позднее, в конце ХІХ века, обратили внимание на небольшое поселение Беловеж, стоящее в польской части пущи, где в ХVІ веке был небольшой замок, вероятно, с белыми башенками. Г. Карцев допускает, что название Беловежская пуща могло быть и не связано со словом вежа. Названий Белая в пуще много (две реки, село Белое). Нередко встречается слово весь (село, вёска). Вероятно, название могло возникнуть от поселения Белая весь, которое затем в процессе топонимической ассимиляции превратилось в Беловеж.
Практыкаванне 1. Патлумачце, чаму ў розных дапаможніках (гл.: Курс сучаснай беларускай літаратурнай мовы: Фанетыка. Арфаграфія. Лексікалогія (Мінск, 1961, с. 60); Бурак Л. І. Сучасная беларуская мова (Мінск, 1985, с. 64); Сучасная беларуская літаратурная мова: Лексікалогія. Фанетыка. Арфаграфія (Мінск, 1993, с. 151) назіраюцца разыходжанні ў вызначэнні колькасці фанемаў беларускай мовы. Аргументуйце выбраную вамі пазіцыю.
Практыкаванне 2. Падбярыце словы, якія б ілюстравалі наступныя рэалізацыі фанемаў <з>, <д>, <ž>, <у>:
<з>: [з] – [с] – [ш] – [ж] – [з’] – [с’];
<д>: [т] – [ч] – [ž] – [z] – [ц] – [z’];
<ž>: [ž] – [ч];
<у>: [∙у] – [у∙] – [∙у∙] – [у].
Практыкаванне 3. Пакажыце на прыкладах, у якіх алафонах могуць быць рэалізаваны прыведзеныя ў практыкаванні фанемы ў рускай і беларускай мовах.
<э>, <о>, <а>, <д>, <т>, <р>, <в>.
Практыкаванне 4. Адзначце, якімі фанемамі адрозніваюцца прыведзеныя пары слоў. Акрэсліце дыферэнцыяльныя прыметы гэтых фанемаў.
Пыльны – пільны, банка – банька, быт – быць, ваду – вяду, сом – сум, бак – бок, сам – нам, лама – мама, шум – сум, быць – жыць, шыць – ныць, лук – люк, дома – Дзёма, вяз – вас, воз – вёз.
Практыкаванне 5. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш Хв. Жычкі. Затранскрыбіруйце тэкст. Пазначце ў выдзеленых словах знакам “плюс” перцэптыўна моцныя пазіцыі фаналагічных адзінак, знакам “мінус” – перцэптыўна слабыя. Выдзеліце варыяцыі фанемаў.
|
Мне сніліся рукі твае – пяшчотныя і нясмелыя, ціхія, белыя.
Мне сніліся рукі твае – даверлівыя і гарачыя, смуглыя, мяккія, ўдзячныя.
|
Мне сніліся рукі твае – cпакуслівыя і прынадныя, гнуткія, палкія, ўладныя.
Мне сніліся рукі твае … А я не ўтрымаў цябе, родную, сваімі рукамі халоднымі
|
Практыкаванне 6. Прачытайце, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы, верш “Малітва” М. Аляхновіча. Затранскрыбіруйце тэкст. Адзначце ў выдзеленых словах знакам “плюс” сігніфікатыўна моцныя пазіцыі фаналагічных адзінак, знакам “мінус” – сігніфікатыўна слабыя. Выдзеліце варыянты фанемаў.
|
Каханая мая, даруй маўчанне мне. Аддалены адчайнасцю расстання, Хварэю ўсё табой, ты ў самым цяжкім сне Адаграеш мяне цяплом свайго дыхання. Натольваю душу ўзаемнасці святлом, Адно каб для цябе яшчэ хоць раз успыхнуць, Як ні спрабуе лёс мяне на злом. Маё каханне! Споведны ўздых мой! Адчуй маю малітву з нематы: Яшчэ жыву, бо ёсць на свеце ты. |
Практыкаванне 7. Прачытайце прыведзены тэкст, захоўваючы арфаэпічныя нормы беларускай мовы. Вызначце, якія зычныя фанемы ў выдзеленых словах знаходзяцца ў моцнай пазіцыі па цвёрдасці / мяккасці, а якія – у слабай.
Ластаўка – чыстая, святая птушка, надзеленая жаночай сімволікай. У песнях прыпадабняецца да Божай Маці. У легендзе аб укрыжаванні Хрыста ластаўка старалася палегчыць яго пакуты, вымала калючыя таркі з вянца і падносіла ваду. Таму звітае гняздо ластаўкі ва ўяўленнях беларусаў забяспечвала шчасце ў доме, і вялікі грэх яго разбураць. У беларусаў пашыраныя павер’і аб зімаванні ластаўкі ў вадзе: “І да раілася пчолачка да ў вяршэчку сосанкі. Да вылятала ластаўка з-пад белага каменя, з-пад сіняга возера…”. Перад намі сімвалічнае ўзнаўленне карціны свету з усімі яе асноўнымі складнікамі: сярод вады камень, на якім знаходзіцца Сусветнае дрэва з пчоламі на вяршыні. Але ластаўцы адведзена месца на ніжнім полюсе светабудовы, што можа стасавацца з матывам вяртання казачнага героя з падземнага царства менавіта на птушцы.
(Т. Валодзіна)
Практыкаванне 8. Прачытайце прыведзены тэкст, захоўваючы нормы беларускага літаратурнага вымаўлення. Вызначце моцныя і слабыя пазіцыі зычных па звонкасці / глухасці ў складзе выдзеленых слоў.
Сокал у беларускай традыцыйнай культуры займае месца ў шэрагу такіх вылучаных жывёл, як арол, голуб, змяя, курыца ды іншых, якія сімвалізуюць малайцоўства – жаніха, воіна.
Як паляўнічая птушка, сокал дорага каштаваў і быў неад’емным атрыбутам прадстаўнікоў феадальных вярхоў. Паводле Статута 1599 года, сокал каштаваў трыста грошаў, тады як гусь звычайна каштавала тры грошы. Так што сокал быў як бы атрыбутам высокага грамадскага статуса гаспадара, яго прэстыжным прадметам.
У абрадавым фальклоры, асабліва ў валачобных песнях, сокал прадстаўлены як магічны памочнік малайцу-воіну ці паляўнічаму, які наўзамен за дараванае жыццё абяцае цудоўным чынам памагаць яму пры яго жаніцьбе, ладзіць пераправы праз вольныя перашкоды, калі той будзе браць далёкую нявесту “за рэкамі, за Дунаямі” (прэстыжны шлюб будзе мець). (Л. Салавей)
Практыкаванне 9. Выпішыце ў асобныя групы зычныя гукі, якія не могуць займаць пазіцыю перад:
- глухімі зычнымі;
- звонкімі зычнымі;
- шыпячымі зычнымі;
4) афрыкатамі.
[д], [з], [с], [т], [γ], [γ’], [б], [б’], [х], [ц], [ч], [ш], [л], [л’].
Практыкаванне 10. Зрабіце фанематычную транскрыпцыю прыведзеных выслоўяў Р. Барадуліна.
Узор транскрыпцыі. Надвячоркам амаль сціхаў вецер. Знікала дакучлівая рабізна на вадзе. (В. Быкаў)
с а а
<надв’эчо́́ркам ама́л’ – ц’іха́л в’э́ц–р / зн’іка́ла д–ку́чл’іваjа раб’ізна́ на-ваz’э́́ >
з э о
|
* Слова – усяго аснова. Душа крылатая ў слова.
* Я да скону заручаны з той стараною, Дзе мама, як зорка, Стаіць нада мною…
* Дагэтуль сніцца начлег. Хата маміна… Падушка, як цёплы снег… * З аблачыны жыта нябёсам Усміхаецца горка Васілёк – залётная зорка.
|
* Колькі важыць душа – І зорка не ведае, Якая трымае нябёсы ветлівыя. * Чалавек не памірае, Зямныя адбыўшы дні, Ён вяртаецца да цішыні…
* Пакуль сабе не хлушу І на плячах нашу сваю галаву – Жыву. * І стагуе бясконцасць Стагоддзяў стагі, Каб нябыт анямеў ад зялёнай тугі. |
(В. А. Жучкевич)